НАЎГАРО́ДСКАЯ ШКО́ЛА І́КАНАПІСУ,

адна з найб. значных школ стараж.-рус. мастацтва. Склалася ў 12—15 ст. ў г. Ноўгарад і яго ўладаннях. У жывапісе 12 ст. разам з арыентацыяй на мастацтва Візантыі і Кіева (фрэскі Сафійскага і Мікола-Дварышчанскага сабораў, абразы) сфарміраваўся самабытны стыль з энергічнай манерай пісьма, экспрэсіўнай трактоўкай іканаграфічных тыпаў, лаканічнасцю вобразаў, арнаменталізацыяй маст. формы (размалёўкі цэркваў Георгіеўскай ў Старой Ладазе, каля 1167; Дабравешчанскай у Аркажах, 1189; Спаса на Нярэдзіцы, 1199, і інш.). Ў абразах пераважаў іканаграфічны тып выявы святога, які нерухома стаіць з буйнымі рысамі твару і шырока расплюшчанымі вачамі: «Св. Георгій», «Анёл Залатыя валасы», «Усцюжскае дабравешчанне», двухбаковы абраз з выявамі Спаса Нерукатворнага і Пакланення крыжу. Абразы 13 — пач. 14 ст. вызначаюцца абагульненасцю малюнка, яркім халодным каларытам з перавагай чырвона-кінаварных, белых, вохрыстых і зялёна-аліўкавых фарбаў, унутр. напружанасцю, сувяззю з традыцыямі нар. мастацтва: «Яван, Георгій і Уласій», «Мікола Ліпенскі» (1294, Алекса Пятроў) і інш. Манум. жывапіс 14—15 ст. больш разнастайны. Адухоўленай патэтыкай вобразаў, імклівасцю рухаў, свабоднай і смелай тэхнікай пісьма вызначаюцца фрэскі цэркваў Спаса на Ільіне вуліцы (1378, Феафан Грэк), Фёдара Страцілата на Ручаі (1370—80-я г.). Лінейна-графічныя, блізкія да іканапісу прыёмы, статычнасць кампазіцыі ўласцівы размалёўкам цэркваў Спаса на Кавалёве (1380) і Раства на могілках (1380—90-я г.). У абразах канца 14—15 ст., якія захоўвалі экспрэсіўнасць пісьма, лаканічную выразнасць сілуэтаў і самабытнасць каларыту ў выявах мясц. святых, адлюстраваліся традыц. нар. ўяўленні і вераванні, падзеі гісторыі Ноўгарада («Ілья», «Уласій», «Анастасія», «Фрол і Лаўр», «Бітва наўгародцаў з суздальцамі» і інш.). Высокім узроўнем майстэрства вызначаліся мініяцюры, для якіх характэрны буйны малюнак і дэкар. яркасць каларыту. Пасля ўключэння Ноўгарада ў склад Рус. цэнтралізаванай дзяржавы (1478) яго мастацтва развівалася ў агульным рэчышчы стараж.-рус. культуры.

Літ.:

Лазарев В.Н. Искусство Новгорода. М.; Л., 1947;

Яго ж. Новгородская иконопись. 3 изд. М., 1981;

Попова О.С. Искусство Новгорода и Москвы первой половины XIV в. М., 1982;

Смирнова Э.С., Лаурина В.К., Гордиенко Э.А. Живопись Великого Новгорода XV в. М., 1982.

Наўгародская школа іканапісу. Бітва наўгародцаў з суздальцамі. Сярэдзіна 15 ст.

т. 11, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)